epub
 
падключыць
слоўнікі

Пятрусь Макаль

"Надыдзе хвіліна важная..."

Надыдзе хвіліна важная —

Паклічуць да справаздачы.

І я з хваляваннем узважваю

Удачы свае і няўдачы.

Узважваю радасць і гора.

У нейкім нервовым шале

Скачуць то ўніз, то ўгору

Напераменку шалі.

Тут поруч і гонар і горыч,

Сябры і ворагі поруч.

Шпурляюць у знак увагі

На трапяткія вагі

Адны —

мой здабытак няважкі,

Другія —

мае прамашкі.

Кладуцца чаргой нястомнаю

За промахам перамога.

І асвятляецца цёмная

Кладоўка майго былога.

Узважваў удачу, няўдачу,

Мераў глыбіні ворыва,

А падлічыў, бачу,

Толькі сяброў і ворагаў.

* * *