epub
 
падключыць
слоўнікі

Пятрусь Макаль

"Надзею прадзём..."

Надзею прадзём бясконца

З упартасцю шаўкапрада.

Туман,

не хавай сонца,

Што непазбежна, як праўда.

Прычалу самотнаму сніцца

Дотык рыбацкага чоўна.

Сніцца, пакуль праясніцца

Мора, што дыхае чорна.

Не могуць прабіцца да неба

Зерняткі, што ў баразёнцы...

Ах, колькі нам высветліць трэба

Туман,

не хавай сонца!

Снег на палетку растане —

І рунь, што была скаваная,

Зялёным агнём паўстане!

Схаванае — не пахаванае!

І раптам за вёскай у жыце

Брэх выбухае воўчы...

Хто там ізноў, скажыце,

Пускае туман у вочы?