epub
 
падключыць
слоўнікі

Пятрусь Макаль

"Нас па галовах..."

Нас па галовах секлі зоркі

Чэргамі —

У чэрвені,

У вечаровым чэрвені...

Смерць хадзіла

Гаспадаром.

Быў крык.

Быў плач.

Быў гром.

Дом скаланаўся ад груку.

Уцякаючы ад пагонь,

Стрымгалоў праскакаў па бруку

Конь без конніка,

як агонь.

Неба,

Выючы нема,

Цэлілася здаля...

Няўжо ты мне здрадзіла, неба?

Дай мне ратунак,

зямля!

Неба —

якое відовішча! —

Зеўрыла россыпам дзір.

Няма ад вайны сховішча.

Адно ад вайны сховішча —

Мір.

Мы ў цішыню

Вярнуліся,

як дадому.

З крыку.

З агню.

З грому.

А званы маёй памяці зноўку

Торгае за вяроўку

Штодня

Цішыня.