epub
 
падключыць
слоўнікі

Пятрусь Макаль

"Нашто з гарматы..."

Нашто з гарматы біць па вераб’ю?

Хай слых кранае гукавая гама —

Хвалю я ўсю птушыную сям’ю,

Дзе верабей чырыкае таксама.

 

Другім пярнатым падаюць руку,

Салоўку славяць, голуба галубяць,

Будуюць дом, каб падарыць шпаку,

І толькі вераб'я ніхто не любіць.

 

А я гляджу з любоўю кагадзе,

Як скача ён з гарэзным спрытам хвата,

Крупінкі хлеба ў голуба крадзе —

Лянівага і сытага сабрата.

 

Свавольніку малому, як і я,

Аддаць і вы належнае павінны.

Не адбірайце хлеба ў вераб’я —

Падданага паветранай краіны!..