epub
 
падключыць
слоўнікі

Пятрусь Макаль

Навыперадкі

На доўгую дыстанцыю даўно,

Час, я з табой навыперадкі выйшаў.

Канца дарозе гэтай не відно,

На ёй па горла і нізін, і ўзвышшаў.

 

Па разгайданай тупаю зямлі,

І гэтак ёй мае патрэбны крокі,

Як акіянскім хвалям караблі,

Як струнам пальцы і як сценам кроквы...

 

Гук, мой сапернік, ты пра свой рэкорд

Бубніў у вушы тонам пераможцы.

А дзе ж ты зараз? Як загнаны хорт,

Рысіш за мной па бегавой дарожцы.

 

Як гром маланку, хуткасць прыручы,

На ўздыме дыхай лёгка, як прапелер.

І дай з разгону губы апячы

Паветрам, як наждачнаю паперай.

 

Ні кропелькі не страшна, што мяне,

Нібы салдата ў час апошняй бітвы,

Святло па зрэнках раптам паласне

Адточаным лязом бліскучай брытвы...

 

Праскочыў я праз абручы франтоў

У Брацк агністы з барыкадаў Прэсні,

Давай, святло! Я ад цябе гатоў

Аслепнуць, як Гамер стары ад песні.

 

Глытаю кіламетры на хаду.

Калі ж зямлю пад голаў, як падушку,

З дыстанцыі сышоўшы, пакладу,—

Хай перарве ў фінале сын мой стужку.

 

Прыгубіць ён прастор са скразняком,

І ты мяне з рахунку, час, не скінеш.

Сваім судзейскім трапяткім флажком

Зара ўзмахне — і стане стартам фініш.