epub
 
падключыць
слоўнікі

Пятрусь Макаль

"Нялёгка людзям згубленым..."

Нялёгка людзям згубленым і зорам

Сябе ў бяздомнай бездані знайсці.

Давай з табою, мора, пагаворым

Аб вечным, аб штодзённым у жыцці.

Якая немагчымая часіна:

Перад зямлёй і небам мы — адны.

Ты абдымі мяне, як маці сына,

Што не вяртаўся столькі год з вайны...

Спачыну ты ні ўноч, ні ўдзень не просіш,

Твой нораў і лагодны і круты,

Люляеш, песціш, і высока ўзносіш,

І кідаеш у вір няўмольна ты.

Тут здабылі мы болей ці згубілі?

Ты вучыш нас, стыхія, разумець,

Як небяспечна пакараць глыбіні,

Як лёгка на паверхні слізгацець.

Плыўцу любому пагражаеш ліхам,

Калі ў яго гарцуеш пад рукой.

А горш за ўсё, калі бываеш ціхім,

Страшней за шторм люстраны твой спакой.

Імчацца хвалі ў бегу небяспечным,

Танцуючы на промні вастрыя.

Хіба не ў гэтым хваляванні вечным

І неўміручасць і краса твая?