epub
 
падключыць
слоўнікі

Пятрусь Макаль

Няма часу...

На хаду бутэрброд дажоўваеш,

Сябру папкай ківаеш ружоваю,

Паўтараючы вельмі часта:

— Няма часу...

Ты выседжваеш мудрасць гадзінамі,

Аж пацеюць у крэслаў спінкі.

Ды ніяк не праклюнецца дзіўная —

Пэўна, цвёрдая шкарлупінка!

Канцылярская сошка, сонна

Ты арэш папяровыя склады.

Ты гатоў адчытаць нават сонца,

Што ўвайшло ў кабінет без дакладу.

 

За злачынства сваё не бойся:

Не караецца па законах

Часу масавае забойства

На паседжаннях незлічоных...

Год за годам

паражняком {паражпяком

прагрукоча,

І прыпынак апошні, як тупік, набяжыць.

І зажмурыш ад праўды вочы:

— Не было часу жыць...

 

Мітуслівасць — круцелька прыкрая,

Не чапляйся!..

Парою любою

Я ў скнарлівай вечнасці выкраю

Час для дружбы і для любові.

 

Сэрца, быццам набат адмысловы,

Чалавечай гудзе трывогай —

Паспявай да людзей, маё слова,

Хуткаю дапамогай!

 

Грукачы бяссоннай хадою

На дасвецці і апаўночы,

Не пакінь дружбака з бядою

У самоце, нібы ў адзіночцы...

 

Хай з гадамі душа не скісае,

Я прыгублю жыццё, як чашу,

А як прыйдзе з касою касая,

Я скажу ёй: — Няма часу...

* * *