epub
 
падключыць
слоўнікі

Пятрусь Макаль

"Няма на зямлі адзіноты..."

Няма на зямлі адзіноты —

Пустэчы, падобнай да смерці.

Мы — ноты,

мы — ноты,

мы — ноты

У чалавечым канцэрце.

 

Глушыць стракаты сокат

Стройных акордаў нізка.

Адны бяруць высока,

Другія бяруць нізка,

Нехта, нібы ў кавадла,

Бухае —

свет хістае.

Нехта фальшывіць заядла.

Нехта ў трубу вылятае.

Хто там, назваўшыся лёсам,

Зноў барабаніць ў сенцы?

Мы, ноты,

як бабы, галосім,

Рагочам,

нібы шаленцы.

Нехта матыў чаканіць.

Нехта яму падвывае.

Нехта застыў у чаканні,

Як статуэтка жывая...

У бубен трывогі стукнуць

Ці выдыхнуць трэль мажору?

Які твой узмах наступны,

Палачка дырыжора?