epub
 
падключыць
слоўнікі

Пятрусь Макаль

"Не абмініце радасці..."

Не абмініце радасці,

Што дотыкам душы лагодзіць,

Пад брамай вясновай радугі

За небакрай праводзіць.

Не абмініце смутку

Аб дарагім, што страчана,

Што апячэ ціхутка,

Нібы слязіна матчына...

Не абмініце плуга —

Валадара ворыва.

Не абмініце друга.

Не абмініце ворага.

Не абмініце долькі,

Што парасткам пласт пераверне.

Помніце — пройдзена столькі,

Колькі пасеяна зерня...

Мерайце не гадамі

Жыццёвы свой лёс чалавечы,

А ўзрошчанымі пладамі,

Што ўскінеце іншым на плечы.

Усё, што ў турботах пражыта,—

Пярэдадзень новай дарогі.

З барознаў буяе жыта,

А пустазелле — з аблогі.

Наверсе і на доле,

На ўздыме і ў зеніце

Не абмініце долі,

Жыцця не абмініце!