epub
 
падключыць
слоўнікі

Пятрусь Макаль

"Не бойся, што сум..."

Не бойся, што сум агорне,

Хмарамі бровы насупіць,

Не бойся, што комам у горле

Гора падчас падступіць...

Даверся таму неспакою,

Што не праходзіць з гадамі,

Што трапяткой ракою

Човен душы гайдае...

І стане ратункам страта:

Штодзённае далучэнне

Да хваляванняў брата —

Гаючае ачышчэнне...

Не бойся, што комам у горле

Чужая бяда падступіць.

Не бойся, што смутак агорне,

Хмарамі бровы насупіць...

Вядомага не разжоўвай,

Утульнай будзённасці бойся,

Здаволенасці ружовай

Бойся, як самазабойства.

* * *