epub
 
падключыць
слоўнікі

Пятрусь Макаль

"Не кінуўшы нават слова..."

Не кінуўшы нават слова

Ні сваяку, ні суседу,

Як па вадзе, адмыслова

Прайшоў — і знік без следу.

 

Застаўшыся невядомым,

Не ўзнікне ў нечым паглядзе

Ні параходам, ні домам,

Ні дрэўцам на даляглядзе.

 

Сам у сябе на прыкмеце

Прайшоў, як скразная ўдача.

Прайшоў — і ніхто на свеце

Не ўсцешыцца і не заплача.

 

Умеў пазбягаць падсуднасці,

Свае перавагі ўзважыць.

Не заўважалі прысутнасці,

Адсутнасці не заўважаць.

 

Прайшоў, нібы пад нагамі

З шоўку была дарога.

Не зачапіў нікога,

Не ўсхваляваў нікога.

 

З нябачных нітак пражу

Цэлы свой век выводзіў.

Спытай — і ніхто не скажа,

Праходзіў ці не праходзіў.