epub
 
падключыць
слоўнікі

Пятрусь Макаль

"Не мне і не табе..."

Не мне і не табе стаптаны ўзлесак,

Дзе манументы пнёў і горы трэсак.

Нырнём

у некранутасць гушчару,

Куды не ўбіцца нават тапару!

 

Страляе ў нас ламаччам цішыня

У засені ялін — спічастых пагад...

Як цяжка дастаецца глыбіня,

Якая тоіць спеласць лепшых ягад!

 

І перад кожнай я хілюся ніц,

Каленямі густы мурог прасую.

Я знаю, што ў чарніц, як і ў суніц,

Пад скурай кроў чырвоная пульсуе.

 

Калі ж,

як плод,

набракне стома ў целе,

Прырода нас не адпіхне ў бядзе.

Яна, як маці, мох пад бок пасцеле,

Пагорак, як падушку, падкладзе.

Я да грудзей тулю сусвет бясконцы

І вечнасць,

увасобленую ў міг.

Цалую неба, вільгаць хмар і сонца,

Што падаюць

у бездань воч тваіх!

* * *