epub
 
падключыць
слоўнікі

Пятрусь Макаль

"Не разменьвацца..."

Не разменьвацца, не разменьвацца,

Не развязваць душы перавясла.

А штодзённым святлом выпраменьвацца,

Пакуль сонца ў табе не згасла.

 

Доля — складчына, а не спадчына.

Ах, ці дойдзе вечнасці позва?

І аб тым, што злачынна страчана,

Пашкадуеш, калі запозна.

 

Крону сокам глыбінным пояць

Карані, што нябачны воку.

І не заклік, а шчырую споведзь

Ціха шэпча ліства навокал.

 

Мусіш ношу сваю данесці —

Не паддайся ж на зман спакусы

Траціць порах увесь, каб адвесці

Драбнаты камарыныя ўкусы.

 

Хай зайздроснік ізноў надзімаецца,

Завірухаю злосці хукае,

Дрэва долі тваёй утрымаецца,

Ціха ў шыбу нашчадку пастукае.