epub
 
падключыць
слоўнікі

Пятрусь Макаль

"Небам свайго пачуцця..."

Небам свайго пачуцця,

Зямля, я табе абавязаны.

Я кожнай хвілінай жыцця

Навек да цябе прывязаны.

 

Той рэчкай, дзе ў ранішні змрок

Калі і святліва, і золка,

На мой самаробны кручок

Клявала нязлоўная зорка.

 

Няроўным шнуром баразны,

Які я працягваў туга,

На золку галоднай вясны

Хістаючыся ля плуга.

 

Ніткай сцяжыны той,

Што праз хмызняк і палянкі

Вяла мяне ў цемры густой

Да партызанскай зямлянкі.

 

Галінамі матчыных рук,

Што ласкаю абдымаюць —

Часінай сустрэч і разлук

У вечнасць на хвілю прымаюць..

 

Свячэннем сваёй вышыні,

Зямля, я табе абавязаны.

Усе мае зорныя дні

З табою карэннямі звязаны.