epub
 
падключыць
слоўнікі

Пятрусь Макаль

Незабыўны ранак

Я помню,

Ранкам грукат незнаёмы

Збудзіў мяне, малога хлапчука.

І я ў адной кашулі выбег з дому —

Валіла ўсё сяло да бальшака

Аселіцаю скошанаю, полем,

Разлогамі калючых мокрых траў.

А холад рос абпальваў ногі болем,

Якога я тады не адчуваў.

 

На бальшаку

Праз гоман шматгалосы

Пачуў я словы аднаго з байцоў:

— Цяпер ужо не будзеш, хлопча, босы

Хадзіць у час асенніх халадоў.

 

Пакуль жыву, той дзень я помніць буду,

Што рукі двух братоў навек злучыў.

Пакуль жыву, той дзень я не забуду,

Які мяне і ўвесь мой край збудзіў.