epub
 
падключыць
слоўнікі

Пятрусь Макаль

Незнаёмыя сябры

Усюды месца для прывалу,

Калі ты ўжо не чуеш ног.

З дарогі рухнеш дзе папала

На першы ўзгорак, на мурог.

Мы з дружбаком замест пасцелі

Пад бок паслалі шынялі,

Ляжым, прыліпшы потным целам

Да мокрай восеньскай зямлі.

І раптам голас над палямі,

Як напамін, гучыць здаля...

І мы адчулі, што пад намі,—

Як лёд, халодная зямля...

Мы азірнуліся міжвольна

Удвух — таварыш мой і я.

Узбоч дарогі сцежкай польнай

Ішла спяшаючы жняя.

Стаім маўкліва ля дарогі,

Глядзім услед жанчыне той.

А ранак сыпле ёй пад ногі

Расінкі жменяй залатой.

І хочацца глядзець да стомы

На гэты край, дзе ты не госць,

На свет, дзе столькі незнаёмых

Ў цябе сяброў усюды ёсць.