epub
 
падключыць
слоўнікі

Пятрусь Макаль

Ода горлу

Можаш сябе узвялічыць

Глоткай — крычы, крычы.

Пачуюць цябе і ўлічаць,

Залічаць у трубачы.

Натрэніруеш горла —

І будуць у ім грымець

То пералівы горна,

То пракурорская медзь.

Гарластых адно турбуе —

Толькі б у час акурат

Выскачыць на трыбуну,

Не прамаргаць парад.

Ды разрадзіць узрыўчатку

Добра вядомых слоў.

Крыкнуць «ура!» спачатку,

Каб потым крыкнуць «далоў!».

Зробіш ківок управа

У стоенай цішыні

І — зразумелая справа —

Адразу ўлева кіўні.

Наверх атрымаеш візу,

Падумаюць — з галавой!

А пра цябе знізу

Скажуць — наверсе свой...

І будзеш за службу глоткі

Узнагароджаны ты —

Выкрычыш добрыя сродкі

На лекі ад хрыпаты.

А нехта без слоўнага грому,

Зусім безыменны для мас,

З далоні, як з касмадрома,

Пускае ракеты на Марс.