epub
 
падключыць
слоўнікі

Пятрусь Макаль

Ода еве

Як жа не пакланіцца

За твой першародны грэх!

Вялікае таямніцы

Ты раскусіла арэх.

Без боязі боскага гневу

Адолеўшы райскі плот,

Адважна сарвала з дрэва

Той забаронены плод...

Ты мужнасці нас навучыла.

Пайшла ахвярна ты

У бога перад вачыма

На грэх, як на подзвіг святы.

Працягваецца, на шчасце,

У свеце людская сям’я.

Бо ў сэрцах маіх сучасніц —

Гарачая кроў твая!

І сёння спакус багіні,

Якіх натхніла ты,

З выклікам носяць міні,

Як фігавыя лісты.

Усё чалавецтва Ева

Вядзе па сваім шляху,

Хвала табе, каралева

Цнатлівасці і граху!