epub
 
падключыць
слоўнікі

Пятрусь Макаль

"Пахне раніца парай..."

Пахне раніца парай,

Якая над лугам дыміцца.

Пахне хмарай,

З якой зашуміць навальніца.

Пахне золкай расою,

Якую не выпілі травы;

Пахне вострай касою,

Якая спацела ад справы;

Пахне тупатам ног,

Што спяшаюць да гулкіх дарог;

Пахне шоргатам шын,

Хоць яшчэ і не чутна машын...

Растаюць туманы.

Золак шчодра святло рассыпае.

Пахне раніца поўднем,

Які ўслед за ёй наступае.