epub
 
падключыць
слоўнікі

Пятрусь Макаль

"Пацеў прафесар..."

Пацеў прафесар,

сеючы дабро.

І цішыня

струной напятай пела.

І па канспекце

бегала пяро,

Як на праспекце туфелька рыпела.

А я не ўмеў,

а я нямеў,

як тол,

Чакаючы, што выбухну аднойчы.

Са мной дзяліла ты студэнцкі стол

І з кім, не знаю,—

бэзавыя ночы...

Працэджвалася сонейка ў акне.

Я на цябе тады паглянуў коса.

І так карцела пакамячыць мне

Твае —

ужо абстрыжаныя! —

косы.

А сэрца стук —

удары малатка,

Якім таропка бухае гарэза...

І ад вятроў,

як пена з малака,

Злятала квецень веснавая з бэзу.

Я вельмі позна зразумеў як след,

Што не было ні тых начэй, ні бедаў...

Быў толькі бэз.

І шлюбна-белы цвет.

І, як зламаць галінку, я не ведаў.

* * *