epub
 
падключыць
слоўнікі

Пятрусь Макаль

Паядынак

Яшчэ твая вяршыня ў дрогкім дыме,

Яшчэ твой крок на ўздыме...

Стой!

Абвал...

Не прычакаўшы ласкі і пахвал,

Паэты паміраюць маладымі.

Забойца ў страху смерць бярэ на ўзвод

Рукою трапяткою і таропкай,

Каб абарваць цяжкой свінцовай кропкай

Тваіх непадуладных дум палёт.

Чакай —

Твой дух, твой нораў непакорны

У спрэчцы апярэдзіць бег гадоў.

І на галоўных плошчах гарадоў

Табе збудуюць помнік рукатворны.

І ўздыме крылы песня, што ў жудзе

Пабудку буры ў сэрцах

Пратрубіла,

І, як сцяна астрожная, ўпадзе

Улада гвалту,

Што цябе забіла:

У добрую з’яднаўшыся сям’ю,

Нашчадкі прынясуць у сонцах кветак

Гранітнаму — табе

любоў сваю,

Якой жывому не хапала гэтак...

Як забратаць сваёй душы ўзрыўчатку?

Да Чорнай рэчкі ў лютаўскую бель,

Самадзяржаўную кінуўшы пальчатку,

Паэт адзін выходзіць на дуэль...

Няўжо за подзвіг —

куля ўзнагарода?

Няўжо прагрэс —

дрымучы цёмны лес?

Паэт уласны ў кожнага народа,

І ў кожнага паэта свой Дантэс.

Гучыць заўжды аднолькава ўгавор:

Калі не ўкленчыш паслухмяна, падай...

Адных, да сценкі ставячы,— ва ўпор;

Другіх —

маруднай доўгаю асадай.

Каб прыручыць бунтаўшчыкоў пяра,

Глушылі ўпарта голас іх сумлення

То вязкімі абдымкамі цара,

То ўдушлівымі пасткамі ганення.

Надзею свету,

Будучыню свету,

Ахвярна засланяючы сабой,

З няпраўдай

У вяках

Вядуць паэты

Свой паядынак,

Свой няроўны бой.

* * *