epub
 
падключыць
слоўнікі

Пятрусь Макаль

"Пара дзіцячае гульні..."

Пара дзіцячае гульні

Праходзіць гэтак, як прыходзіць.

Другія па тваім кані

Ужо ўладарна верхаводзяць.

У захапленні ўбачыш ты,

Ледзь толькі выглянь на падворак,

Як высякаюць капыты

На Млечным Шляху іскры зорак.

З глыбінь мінулага, здалёк,

У вечнай каруселі гэтай

Ляціць аседланы кіёк

Аўтамабілем і ракетай.

Як дражніць нас залётны крык!

І, форткай бразнуўшы бяздумна,

Закрыць спрабуем мацярык,

Што за акном сваволіць шумна.

Шпурляем грозных слоў грамы,

І ўжо рука шукае кія,

Мармычам злосна, быццам мы

Зусім і не былі такія...

І я ў размераным жыцці

З сабою трачу падабенства,

І не магу ніяк знайсці

Ключы ў вясёлы край маленства.

А трэба хоць бы мімаходзь

Наведаць тое наваколле...

Пара гульні, не адыходзь,

Не пакідай мяне ніколі.