epub
 
падключыць
слоўнікі

Пятрусь Макаль

Партызанскі лес

Прыпыніся, шалёны экспрэс:

Мы саскочым з цябе і пойдзем

У партызанскі лес,

У бяссонную памяць, у подзвіг.

...Перад карканнем крумкача

Абаронны накат зямлянкі

Падпіраюць плячо да пляча

Сосны дужыя — партызанкі.

Лес, вячыстасцю нас ахіні,

Далучы да святынь непадробных,

Дай ратунак ад мітусні,

Ад спакус і ад думак дробных.

Зноў за намі імкне наўздагон

Быту ўладнага шок машыны,

Калі душы бяруць у палон

Халадзільнікі і машыны.

Як нам цяжка прарваць з табой

Кола хатняга гарызонту.

Гэты ціхі бяскроўны бой —

Прадаўжэнне грымотнага фронту.

Перад націскам хітрай бяды,

Перад гвалтам яе наступлення

Непакорнаю будзь заўжды,

Партызанская зона сумлення.

Тут, на гэтым святым рубяжы,

Я баюся цябе запляміць

Хоць маленечкай кропляй ілжы,

Славы вечнае сховішча — памяць.

Вочы жмурачы ад святла,

Узыходжу з зямлі да сонца.

Небаскробы з бетону і шкла —

Жменя сонца ў маёй скарбонцы.

* * *