epub
 
падключыць
слоўнікі

Пятрусь Макаль

Паштовая скрынка

Павернеш ключык маленькай скрынкі,

Куды прыносяць і сум, і радасць.

На скрынцы дзверы пявуча скрыпнуць —

І зноў удача табе не здрадзіць.

 

Не здрадзіць свята сустрэчы з другам,

Які ў юнацтва цябе гукае,

Сустрэчы з полем, з мурожным лугам,

З ракой, што мрою тваю гушкае...

 

Так зноў у рукі патрапіць повад,

Які ўпусціў я калісь з табою.

Так загаворыць раптоўны провад,

Што абарваны на полі бою...

 

Я чую покліч людскога брацтва,

Я дацягнуся, куды мне трэба,

Рукой сяброўства, крылом сваяцтва

Зямля не здрадзіць, не здрадзіць неба.

 

...У маіх пальцах трапеча звонка

Канверт блакітны, нібыта пташка.

Калі ж пустая навін скарбонка,

Па сэрцы пуста, на сэрцы цяжка.