epub
 
падключыць
слоўнікі

Пятрусь Макаль

"Пасварымся часам..."

Пасварымся часам

З-за нейкай драбніцы мы,

Усходзімся,

Нібыта пад навальніцамі.

Павее ў душы ледзяной прахалодаю —

І кожны ўжо болей сабой не валодае.

Зацята глядзім,

Нібы вораг на ворага.

І топчацца ўсё, што нам блізка і дорага.

Блукаем панура з цяжкімі галовамі,

Набітымі рознымі

грознымі словамі.

Хістаемся,

Нібы пад грузнаю ношаю,

На сцежцы, якой і канца не відно.

Як цяжка нам вымавіць слова харошае,

Лагоднае, добрае слова адно,

Якога абодвум якраз не хапае нам,

Разлучаным словамі,

Сэрцамі спаяным.

Бываюць падобнымі словы да пораху.

Не кідай адразу —

Прыцэлься спярша.

Схавай выбуховае слова

на ворага.

А другу хай будзе адкрытай душа!