epub
 
падключыць
слоўнікі

Пятрусь Макаль

Паветра

Людзі трывожацца ды бядуюць,

Сняцца ім атамныя грыбы.

Гора гадуюць і сховы будуюць

Моцы сваёй выбуховай рабы.

Адны бунтуюць і пішуць петыцыі

Да мудрасці і да галоўных галоў.

Другія наладжваюць рэпетыцыі

Пагібелі свету:

Розум далоў!..

І вось ужо атам з прывязі спушчаны,

У падзямеллі нас гоняць грамы...

А дзе схавацца Шэкспіру і Пушкіну,

Што засяляюць тамы,

як дамы?

У чорных калысках, што ў друзе пахованы

Не зведаўшы музыкі і святла,

Слепнуць Гамеры і глухнуць Бетховены...

Ты джунглямі ўзрываў, Зямля, зарасла!

У пыле і попеле тлеюць акропалі,

Абшнарваюць шчыліны ўсе і куткі,

Быццам жандары, атрутныя кроплі:

Ці не ўцалелі паветра шматкі?

Нехта ўцячэ ад хваль выбуховых,

Ды пазайздросціць мёртвым жывы...

Вы,

што кратамі стаіліся ў сховах,

Чым жа дыхаць будзеце вы?

Каб суднае атамнае відовішча

Свет не ўцягнула ў бяздонны вір,

Будуйце, зямляне, адно бамбасховішча —

Мір!