epub
 
падключыць
слоўнікі

Пятрусь Макаль

Паветраныя замкі

Гараць паветраныя замкі,

Прыгожыя, як Кардыльеры.

Трашчаць паветраныя брамкі,

Трашчаць паветраныя дзверы,

Трашчаць паветраныя фарбы.

 

Гараць і паратунку просяць

Мае паветраныя скарбы:

— Ах, што выносіць?

— Што выносіць?

Як гэта страшна ўбачыць попел,

Прачнуўшыся аднойчы раннем.

Я сам душой, аброслай потам,

Іх будаваў з такім стараннем.

 

І з губ маіх злятае:

— Мама...

А ў сэрцы д’ябал круціць жорны:

Была вясёлкавая гама,

І вось адзіны колер — чорны.

 

Трапеча розум мой падсудны:

Няўжо іначай, як вуголлем,

Мы не напішам дзень наступны,

Схаванай праўды не аголім?

 

Ва ўсе блакітныя напрамкі

Агонь шугае выбухова.

Гараць паветраныя замкі —

І спіць пажарная ахова.