epub
 
падключыць
слоўнікі

Пятрусь Макаль

"Пярсцёнкам шлюбным..."

Пярсцёнкам шлюбным сонца залатое

Упала і прапала ў моры гулкім.

Падзяка, ноч, табе хаця б за тое,

Што адарыла нас сваім прытулкам.

 

За шторай — шторм,

Манеўры хваль за шторай:

Уздым вады такі ўрачыста люты!

Здаецца, над аглушанай прасторай

Бабахаюць святочныя салюты.

 

Калышучы зару, што заўтра ўстане,

У пругкай і ласкавай непакоры

Бяссонна будзе біцца да світання

Прыбой у моры і ў маім пакоі.