epub
 
падключыць
слоўнікі

Пятрусь Макаль

Перад канцэртам

Зіма, на твой абрус вялізны

Нагамі боязна ступіць.

Нібы памытая бялізна,

Сняжок някрануты рыпіць.

Узбоч дамоў

І клёнаў вычварных,

Узбоч дымоў, у неба ўвінчаных, —

Ідзеш,

На ўвесь сумёт падросшая,

У каўняры ўтапіўся нос.

Недасягальная, харошая,—

Няўзнак ні вецер, ні мароз!

А мне ля касы ў зале вузенькай, {вузенькай

Дзе сумятня і таўкатня,

Аматары класічнай музыкі

Бакі камячылі паўдня.

Я місію цяжкую выканаў,

Я так стаю,

нібы пяю:

Я толькі што ў акенца выкінуў

Амаль стыпендыю сваю!

Як музыку, што ў нотах схована,

Я два білецікі нашу.

Спяшаеш ты спаткаць Бетховена,

А я пальчаткай варушу.

Табе пад чорненькія боцікі —

Сняжынкі, быццам з вербаў коцікі.

Сняжынкі —

знічкі міжпланетныя —

Усе срабрыстыя, не медныя!

Раяцца, скарбы несучы...

Тапчы, тапчы!