epub
 
падключыць
слоўнікі

Пятрусь Макаль

Перад пачаткам сеанса

Чаканне —

Маруднай пакуты пара.

Шасцелі ў фае

Газетныя цені.

Раяль зачахлёны,

Як кабура,

Бязгуччам сваім

Таміўся на сцэне.

Ды нечакана,

Ад маці крадком,

Дзяўчынка з падмосткамі ўпоравень

Выйшла.

І, пакланіўшыся зграбным кіўком,

Як тэнісны шарык,

Скокнула ўвішна.

І паплыла,

Паплыла,

Паплыла

Лодкаю хісткаю ад прычала.

Ручкай узмахвала, нібы ў крыла

Лёгкасць птушыную пазычала;

Нібы скідала спавівачы

Апекі, якою была скавана,

Нібы паляпвала па плячы

Пругкасць паветранага акіяна.

Звонкагалосы разбег ручая

Прымала

На міг прыціхлае мора.

Належала ўсім і была нічыя

Гарэза, што ў скоках не знала зморы.

І зала ззяла добрым святлом,

Што высякала дзяўчынка абцасам,

І нават маўчальнік раяль пад чахлом

Буркаў у такт

Прыструненым басам!