epub
 
падключыць
слоўнікі

Пятрусь Макаль

"Перасалілі..."

Перасалілі, перасалілі:

Нясцерпна паліць! Відаць, замнога

Рукой таропкай перасялілі

З сальнічкі ў страву агню зямнога.

 

І смагу зараз не змыць, не сцерці:

З пустэчы вокліч лунае вечны,

Нібы ў вантробах расклалі чэрці

Касцёр пякельны сярэднявечны.

 

Перапаўненне прыносіць страты.

Стукоча часта, стукоча рэдка

Аб рэбры сэрца, нібы аб краты.

Турмою стала грудная клетка.