epub
 
падключыць
слоўнікі

Пятрусь Макаль

Песня заваднога салдаціка

Я — завадны, я — завадны,

Скляпаны на заводзе.

І клопаты ў мяне адны:

Трымаць сябе на ўзводзе.

Я знаю толькі «раз» і «два»,

Як самы верх навукі,

Калі партачыць галава,

Тады працуюць рукі?

Умею я пад казырок

Ускінуць пальцы брава.

Наперад — крок,

налева — крок,

А потым крок направа!

Я ў бойках порахам прапах,

Аглух ад страляніны,

Ад кожнага майго «піф-паф»

Дрыжаць усе павінны.

Пажар сусветны на зямлі

Мне часта-часта сніцца,

Калі мяне ўжо завялі,

Я не магу спыніцца.

Прыйшла, прыйшла мая пара:

Я, асмялелы служка,

Ужо свайго гаспадара

Крадком бяру на мушку.

Кручок націснуць спускавы

І з галавой бляшанай

Магу я, зрэшты, як і вы,

Хто ўвенчаны пашанай.

Дол скаланецца ад грымот,

Паветра дым атруціць...

Ды стоп! Канчаецца завод.

Хто зноў мяне накруціць?