epub
 
падключыць
слоўнікі

Пятрусь Макаль

Песня зярнят

Калі палетак трызніць сяўбою,

Выходзячы з белага зімняга сну,

Мы, ахвяруючы моўчкі сабою,

Падаем, падаем у баразну.

Падаем мы на ўзараныя пожні,

Не тоячы думнага пачуцця,

Што будзе наш прытулак апошні

Жытняй калыскай другога жыцця.

Жаўранак — звонкі саліст вясенні —

Нас адпяе і апяе.

Наша зялёнае ўваскрасенне —

Рунь, што да сонца з зямлі паўстае.

Мы, ахвяруючы моўчкі сабою,

Падаем, каб прарасці збажыной.

Поле сяўбы — поле бою,

Што адраджаецца кожнай вясной.