epub
 
падключыць
слоўнікі

Пятрусь Макаль

"Пішу я тое, чым жыву..."

Пішу я тое, чым жыву.

Пішу надзённасць хлеба.

Пішу ваду, пішу траву.

Пішу зямлю і неба.

 

Я знаю, іх не я адкрыў,

Яны мяне адкрылі.

Ад іх — натхнёных дум парыў,

Маіх узлётаў крылы.

 

І хай усё, што ў сэрцы ёсць,

Малюнак мой азорыць.

І весялосць, і гнеў, і злосць

Мые шчодра фарбы дораць.

 

Ад бомбы аж на ўскрай зямлі

Бег я, падлетак босы,

Калі чырвонымі былі

Над галавой нябёсы...

 

І чорны хлеб ружовым быў

(О, дзён галодных згадка!),

Калі на пяць ратоў дзяліў

Адну скарынку татка...

 

Сярод бяроз, сярод дубоў,

На ўзгор’і і па доле

Пішу нянавісць і любоў,

Пішу быліну долі.

 

Дружу з уцехай і бядой.

А вечнасць?.. Што мне вечнасць,

Калі над хлебам і вадой

Навісне небяспечнасць...