epub
 
падключыць
слоўнікі

Пятрусь Макаль

Пласцінка

Паслухмяна круціся пласцінкай,

Завадною служанкай эпохі:

Галасі, рагачы і цінькай,

Абуджаючы «ахі» і «вохі».

Пад іголкай, што ходзіць дрогка,

Толькі спраўнасць твая на паверцы:

Ах, як хораша, ах, як лёгка,

Калі шрубка заместа сэрца...

Але здарыцца часам гора —

Не туды бегунок заверне,

Нота косткай завязне ў горле,

Заскуголіш падбітым зверам:

І застынуць манументальна

Скрыжаваныя ногі і рукі.

Тых, што торгаліся фатальна

Пад твае ахрыплыя гукі.

І, нібы ачуняўшы спрасонку,

Хтосьці раптам прарэзліва звонка,

Як у рупар з грымучага цынку,

Загукае: «Змяніць пласцінку».

Але ўпартыя ў тлуме кватэрным

Завадную пакажуць вернасць:

Каб падоўжыць твой шумны тэрмін,

Перш чым знімуць цябе — перавернуць.

Скача публіка завадная

Пад мелодыю, што дзілінкае.

Хто заводзіць каго, не знаю,

Вы — пласцінку.

Ці вас пласцінка?