epub
 
падключыць
слоўнікі

Пятрусь Макаль

Плата

На лісцях — крывавыя кроплі.

Гэта іх восень параніла.

Расплачваецца прырода

За тое, што ўлетку буяніла.

За тое, што травы з праталіны

Цягнуліся да навальніцы

І пляскалі прывітальна

Грому і бліскавіцы,

Што ў маі ўзрываў пупышкі

Зялёны агонь бунтоўны,

І дзынкалі, быццам кілішкі,

Пялёсткавыя бутоны,

За тое, што ў спёку часалі

Галіны, як грэбнем, хмары

Ды прыкрывалі часамі

Зябкія мокрыя твары,—

Час, як гандляр суровы,

Прымае за квецень плату:

Сарваных лістоў галовы

Злятаюць, нібы на плаху.

* * *