epub
 
падключыць
слоўнікі

Пятрусь Макаль

Плата за вышыню

Я зноў, я зноў на вышыні.

Я на адлегласці нязмернай

Ад мітусні, ад таўкатні,

Ад жонкі, вечным сваркам вернай.

Прашыў аблокі самалёт.

І акім адсюль здаецца дробным

Штодзённы свет зямных турбот,

На домік картачны падобны.

Маё мінулае за мной —

З надзеяй і дзіцячым плачам.

Якой вялікаю цаной

Палёт мой сённяшні аплачан!

Мінаў пакутна доўгі час,

Пакуль ірвалі пакаленні

Ланцуг зямнога прыцягнення,

Што, нібы вязняў, звязваў нас.

Мне ўслед чародкі дрогкіх дрэў

Самотна голлі заламалі...

Усе, хто ўпаў і хто згарэў,

На вышыню мяне ўздымалі.

Над лютасцю былых вякоў,

Над навальнічнай зморай хмары

Лячу на крылах дзёрзкай мары

Замучаных ерэтыкоў.

О горды дотык да нябёс!

Хвала вам, продкі, што не марна

За мой уздым свой страшны ўзнос

Жыццём выплачвалі ахвярна.

Цаной нясцерпных страт і бед

Мы збудавалі мост да сонца.

...Мне права на палёт — білет

За сем рублёў далі з аконца.

* * *