epub
 
падключыць
слоўнікі

Пятрусь Макаль

Плошча Маякоўскага

Брытагаловыя крытыкі,

Мудрыя,

Нібыта коскі,

На вас фанабэрна прыкрыквалі

За тое, што вы —

Маякоўскі.

— Не дойдзе!..

Прарокі дзьмулі

У меднастволыя глоткі.

Абваляцца,

Як хадулі,

Зламаных радкоў усходкі,

На паўдарозе дзесьці

У Леце бяздоннай утопяцца...

Знямелых прарокаў дзеці

Сёння на плошчы тоўпяцца.

Прыйшлі

З вучнёўскімі сшыткамі,

Прыйшлі

Са сваімі першымі

Немудрагеліста сшытымі

Каструбаватымі вершамі,

Зняўшы з чупрыны воблака —

Белую кепку волата,—

Паэт прывітальна кінуў

Недзе на шпіль вышынны...

Хлопцам харошым і розным

Да вас

— ну, нібыта да полюса! —

Нават і самым рослым

Не дацягнуцца да пояса...

Ветру аддаўшы ўпэўнена

Свае грывастыя космы,

Яны прачытаюць напеўна

Пра пацалункі і космас.

І гэтак балюча згадзіцца,

Што бронза —

глуханямая...

Я чую — сама навальніца

Голас ваш пераймае.

Між воблакамі дрыготкімі,

Якія пярун калыша,

Ламаным радком,

усходкамі,

Вершы маланка піша.

Гром, нібы ў бубен, бухае

У купал неба маскоўскага.

Зямля, заміраючы, слухае

Раскацісты бас Маякоўскага.