epub
 
падключыць
слоўнікі

Пятрусь Макаль

Плошча перамогі

Плошча круглая —

Пляц Перамогі...

У салдацкіх шынелях сюды

Нас вялі франтавыя дарогі

Даўжынёю ў чатыры гады.

Млечны Шлях наш — пакутны і горкі,

Пра які і не сніў небасхіл,

Пяцікутныя ўсыпалі зоркі

На гарбатых пагорках магіл.

Нашы ногі

Гулі ад знямогі,

Нас хістала ў грымотнай пальбе.

 

Мы спяшаліся,

Пляц Перамогі,

Да цябе.

Да цябе.

Да цябе...

Ты сягоння ў грудзях маіх,

плошча,

Б’ецца сэрца — твой Вечны агонь.

Выбуховаю хваляю хвошча

Кроў гарачая ў белую скронь.

Тым, хто скошаны косамі бітваў,

Не вярнуўся да родных руін,

Слуп з граніту

Узносіць к блакіту —

З тысяч ордэнаў — ордэн адзін.

Як вянком, чарадою мінчане

Апяразваюць плошчу сваю.

Камяніцы ў каменным маўчанні,

Нібы волаты ў строгім страю.

Прыраслі да зямлі, як Антэі,

Над галовамі — дах з сінявы...

Толькі чуйна іх вушы-антэны

Ловяць кожнае слова Масквы.