epub
 
падключыць
слоўнікі

Пятрусь Макаль

Плуг

Плуг —

Усіх згаладнелых друг —

Паглыбляецца ў глебу былінна.

Плуг,

Які прыходзіць у рух,

Умываюць пясок і гліна.

Каб барозны ракой плылі,

Мы

Метал

Мудрасці вучым.

Плуг

Купаецца

У зямлі,

Плуг

Выходзіць з зямлі

Бліскучы.

Навучы вышыні, прасвятлі

Нас, аратых, айчынная глеба.

Плуг

Капаецца

У зямлі,

Здабываючы

Золата хлеба...

Каб барозны ракой плылі.

Ззяе сонцам метал гарачы...

Калі плуг перастане

Купацца ў зямлі,

З’есць яго

Іржа да астачы.