epub
 
падключыць
слоўнікі

Пятрусь Макаль

"Поле, поле..."

Поле, поле,

У сваім прыполе

Колькі цудаў ты прыносіш мне!

Да пары, як змагары ў падполлі,

Тояцца зярняты ў баразне.

У раллі вільготнай валаконцы

П'юць жывую сілу — сок зямны.

Час праб’е — і пікамі да сонца

З цемрадзі праклюнуцца яны.

Выстаіць у полі войска хлеба —

Мускулістых каласоў атрад,

Хоць свае налёты робіць з неба

Бамбардзір цяжкі —

Грымотны град.

Навальніца ніву палівае,

І маланку-тэлеграму мне

Адбівае

Пошта палявая:

«Ураджай даспеў на цаліне».

Мы ўзышлі,

Нібы зярняты,

З поля,

Т ўпадзём ізноў у поле мы.

Поле,

У тваім замкнёным коле

Нашы душы, думы і дамы.

Сплю ў каменным сховішчы кватэры.

Але што там бухае, як цэп?

Хто так гулка стукаецца ў дзверы?

Гэта ты, пасланнік поля —

Хлеб.