epub
 
падключыць
слоўнікі

Пятрусь Макаль

Поле

Хоць час трывожнага бяссоння

Ужо, здаецца, за табою,

Было і застаецца сёння

У полі зроку —

Поле бою.

Нас памяць, нібы кананада,

Не моўкнучы, дасюль калыша.

Адно за рысай далягляда

Стаіліся спакой і ціша.

Ляціць арбітаю крывою

Зямля —

мы ўпарта поле полем.

Не толькі потам — і крывёю

Для ўздыму руні глебу поім.

Мы полем цэлы век заняты

І падаем ахвярна самі,

Як з пальцаў сейбіта зярняты,

Што прарастаюць каласамі.

Ступаючы ў раллі па пояс,

Расцём у ранішніх праменнях.

Ах, поле — прыцягнення полюс

І дум,

І зор, што ў нашых жменях!