epub
 
падключыць
слоўнікі

Пятрусь Макаль

Пра адзіноту

Ад боляў эпохі, як брытва, вострых,

Ад жонкі, якая заўжды начаку,

Нібыта на незаселены востраў,

У адзіноту сваю ўцяку.

Свет захіну фіранкаю рыжай.

У крэсла ўтапіўшыся, «Правду» вазьму.

Выбухі! Грукнула бомба ў Парыжы —

Чыркнуў асколак па сэрцу майму.

Снягурачка ў белай чаромхавай замеці

Зайшла, не пастукаўшы, у пакой.

— Адкуль ты?

— З тваёй трывожнае памяці.

З ранішніх зор над бяссоннай ракой!

І зноў гарачышся, святлееш і хмарышся...

Заходзяць у мой пакойчык малы

Хмары, планеты, маланкі, таварышы

І мары — будучыні паслы.

У адзіноце — душамі посныя!

Іх не ўзварушыш і грамадой.

Мая ж адзінота да пядзі апошняе

Заселена радасцю і бядой.

Весткі атамныя з-за акіянаў,

Нібыта громаадвод,

лаўлю.

Адзінота — не сховішча ад ураганаў,

Што хочуць з восі спіхнуць Зямлю!

Дасведчаныя пра ўсё на свеце,

Гудуць над маім акном правады...

Што гэта?

Рэквіем нашай планеце

Ці песня пра заўтрашнія гарады?

Раптам на дроце чырыкнула нота

Вельмі мажорнага вераб’я...

Паклон табе, мая адзінота!

Праклён табе,

адзінота мая!