epub
 
падключыць
слоўнікі

Пятрусь Макаль

Прас

У праса —

Пачэсная праца.

Сваю цеплыню дорачы,

Тугая далонь праса

Гладзіць заўсёды горача.

 

Якое адзенне асмеліцца

Пазбегнуць з ім сустрэчы?

Ніц перад прасам сцелюцца

Рознага крою рэчы.

 

Сваёю вагой расправіць

На плацці кожную складку.

У праса галоўнае правіла —

Абы было гладка.

 

Ён цэніць як лепшую вартасць

Шаўковае паслушэнства.

Затое суконная ўпартасць

Даводзіць яго да шаленства.

 

Бывае, такое падсунуць,

Што прасу робіцца млосна.

Калі ж на яго плюнуць,

Як ён шыпіць злосна.

 

Па шоўку пройдзецца лёгенька,

А на сукно падналяжа...

Яго жалезная логіка

Каму правату не дакажа?