epub
 
падключыць
слоўнікі

Пятрусь Макаль

Прасвечаны горад

Дай жа мне ў твар табе

ўгледзецца

Горад мой,

дзе твае раны?..

Каўшом Вялікай Мядзведзіцы —

Далонь пад’ёмнага крана.

 

Выйду світанкам ці ўвечары —

Бач,

навылёт прасвечаны

Сцены твае шкляныя,

Быццам тунелі скразныя.

 

Прасвечаны вуліцы простыя —

Вочы зажмурыш ад просіні!

У кожным акне паўнеба,

Лепшых гардзін не трэба...

 

Адсвечвае —

стоп аварыям! —

Для паставога будка.

Быццам вялізны акварыум,

Прасвечана крама абутку.

 

Дом мой з зялёнай аховаю —

Сонца шматпавярховае! —

Бяссоннасцю чалавечаю

Ноччу і днём адсвечвае...

 

Не стукайце ж у паняверцы,

Цені былога ў сэрцы:

Вашу прапіску часовую

Росчыркам сонца скасоўвае!..

 

Пад абеліскам, пад ордэнам,

Пад ветрам,

пад Шляхам

Млечным

Горада сэрца гордае

Адсвечвае полымем вечным.