epub
 
падключыць
слоўнікі

Пятрусь Макаль

"Прыходжу штодзень..."

Праходжу штодзень па скверыку,

А на лавачцы абдымаюцца

Пад ненадзейным ліпавым сховам.

 

Адзін аднаго крокамі будзім —

Вяртае твары рэчам і людзям

Сонца, якое займаецца,

А на лавачцы абдымаюцца.

 

Поўдзень —

Абедаць пойдзем:

Сонца ў зеніт узнімаецца,

А на лавачцы абдымаюцца.

 

Пакаштаваўшы дажджынку,

Што ў маі

Смак мора мае,

Бягу ад вады

Абы-куды...

Ліпавы ствол ад маланкі ламаецца,

А на лавачцы абдымаюцца.

 

Сцежкай адной —

Туды і сюды.

Ранкам у восем,

Увечар у восем.

Праходзяць па скверыку

Разам са мною

Зіма і вясна,

Лета і восень;

А тут,

На лавачцы,

У кофце і маечцы,

Час забываючы,

Абдымаюцца.

 

Жыццёвых прыгод сіла

Па свеце мяне насіла,

Сваю адкрываў Амерыку,

Даўно не бываў у скверыку.

 

Вабіць здаля роднае ўлонне —

Працягваю, як чалавеку, далоні,

Хачу запытаць,

як маецца,

А на лавачцы абдымаюцца.

 

Можа, тыя,

а можа, не тыя,—

Ляцяць ім пад ногі лісты залатыя.

Нясе і нясе іх

У восеньскай млечнасці

Пошта прыроды,

Пошта вечнасці.

Трапечуць лісты чародкаю —

Вось яны

Ад вясны і зімы,

Ад лета і восені...

 

На ліпавым пні струхлелым

Галінка прымаецца,

А на лавачцы абдымаюцца.

* * *