epub
 
падключыць
слоўнікі

Пятрусь Макаль

Прыпяць

Здалася ты мне з вышыні трапяткой,

З глухой самалётнай шыбы

Сасновай галінаю,

да якой,

Як гнёзды, прыліплі сялібы.

 

Хоць вабяць уладна другія краі,

Усё ж я іду на зніжэнне.

Рака мая, кожнаю кропляй крыві

Адчуў я тваё прыцяжэнне!

 

На беразе — купамі сена капцы.

Глядзіш — і здаецца, што гэта,

Лугі пагаліўшы, прыселі касцы

Спачыць да наступнага лета.

 

Чакай, я бліжэй да цябе падыду!..

Разгледзець здаля немагчыма.

Ці вербы пялёхкацца выйшлі ў ваду,

Ці мыюць бялізну жанчыны...

 

І ці не ад поту сялянскага ты

Зрабілася рыжаю, Прыпяць?

Маўчыць. Расцягнула гармоняй плыты

Каб рытмы рабочыя рыпаць.

* * *