epub
 
падключыць
слоўнікі

Пятрусь Макаль

"Прышпорваў я..."

Прышпорваў я свайго стаенніка,

Хоць знаўцы на мяне штодня,

Як на пустога летуценніка,

Крычалі:

— Коннік без каня!

 

Скакаў я ў царства трыдзевятае

Жар-птушку вызваліць з турмы.

Крамсалі далеч сіняватую

І бліскавіцы, і грамы.

 

Пыл з-пад капытаў — дымнай хмараю.

Не прыцішаючы хады,

Аседланы высокай мараю

Мой конь імчыцца праз гады.

 

З сустрэчным ветрам абдымаюся,

І пёркі дораць птушкі мне.

І сам не знаю, як трымаюся

На немагчымым скакуне.

 

Яго не ўзяць рукамі голымі

У дні набегаў і пагонь

Ляціць пагоркамі і доламі

Маёй надзеі верны конь.