epub
 
падключыць
слоўнікі

Пятрусь Макаль

Пудзіла

З кудлатаю аправай пудзеля,

Гародняй публіцы вядомаю,

Узносіцца над градкай пудзіла,

Напакаванае саломаю.

Захутана — хоць спёка млявая —

У пашматаную ватоўку.

Трымае з грознаю паставаю

Крывы кіёк, нібы вінтоўку.

Яго каробка чарапная,

Набітая мякінай туга,

Варушыцца, як завадная,—

Каб трапятала ўся акруга!

Ляцяць узбоч адсюль, выдатна

Адчуўшы межы забароны,

Усе шпакі — на стрэл гарматны

І крышачку бліжэй — вароны.

Здаля даследуюць старанна

Сваім птушыным звонкім родам

Апруцянелага тырана,

Што валадарыць над гародам.

Бразготкамі нагрудных бляхаў

Яго шкляное вока ўсцешана.

Ах, колькі бляхаў,

Колькі страхаў

На гэта нудзіла навешана.

Надзьмуты ветразямі штонікі

Шырокія — не ў лад з эпохаю,—

Надзетыя на дроцік тоненькі...

Але галоўнае — палохае!