epub
 
падключыць
слоўнікі

Пятрусь Макаль

Рахунак

Зязюля, мне яшчэ ў маленстве ты

Накукавала сотню зім і вёсен.

І шматгалосым рэхам бор густы

Памножыў лік на безліч звонкіх сосен.

Ды пад мяне вяла падкоп вайна.

Каб заглушыць зязюльчыны прароцтвы,

Грымотна заспрачаўшыся, яна

Дала гарматным пашчам паўнамоцтвы.

Ад гэтай гучнай сваркі нездарма

Зямля лістом асінавым дрыжала.

Снарады, як адзінкі, смерць сама

Нулямі чорных дулаў памнажала.

Бацькі і дзеці падалі ў баю.

Навук азы мне ўдзёўбвалі не ў школе.

Крутую арыфметыку тваю,

Вайна, я не змагу забыць ніколі...

Хоць бараной, зубатай у сяўбе,

Даўно твае падкопы прычасалі,

Астолкам, што ля сэрца пра сябе,

Гвалтоўная, напомніш мне часамі.

Але не цешся! Пераможны лік

Вядзеш не ты, кашчавая бабуля!

Блукае ў лесе хлопчык, мой двайнік,

Якому зычыць сто гадоў зязюля.

Агучвай жа, вяшчунка, бор глухі,

І хай твая не абарвецца песня,

Калі, як дынаміт, сучок сухі

Неспадзявана пад абцасам трэсне.